Сувенірныя аддзелы ўнівермагаў даўно навадніліся парцалянавымі хакеістамі, чырвона-зялёнымі цішоткамі і выявамі радасна разяўленай пашчы зубра Валеры. А якія вобразы спарадзіў чэмпіянатны бум у незалежных дызайнераў? Карэспандэнт budzma.by пашукаў альтэрнатыўныя сувеніры на хакейную тэматыку.
“Каляровы парасон”
Сувенірная кампанія “Каляровы Парасон” не праігнаравала хакейнай хвалі, выпусціўшы серыю магніцікаў і кубкаў. ”Нам гэта цікава нават не з матэрыяльнага разліку, а хутчэй са спартовага інтарэсу”, – кажа дырэктар кампаніі Сяржук Васілеўскі.
“Каб дазнацца, у якіх межах нам можна абыграць хакейную тэму без парушэння інтарэсаў праваўладальнікаў сімволікі, мы напісалі ліст у дырэкцыю па правядзенні чэмпіянату, – тлумачыць Сяржук. – Нам адказалі, што прывязвацца да чэмпіянату нельга, распрацоўка альтэрнатыўных брэндаў забароненая. Права на продаж сувенірнай прадукцыі з сімволікай чэмпіянату да 25 траўня мае толькі камерцыйны партнёр Міжнароднай федэрацыі хакея – гэта замежная кампанія. Таму наша хакейная серыя аніяк не датычыць чэмпіянату. Усе сувеніры прысвечаныя самаму народнаму беларускаму спорту, гэта варыяцыі на тэму клюшкі-шайбы і лёду».
Хакейныя і іншыя сувеніры “Парасона” ўжо можна ўбачыць і набыць у цэнтральных сталічных крамах.
Студыя “Адліга”
Студыя “Адліга” сустракае хакейнае свята серыяй саколак і цішотак з дзёрзкімі і насмешлівымі прынтамі. “Мы рабілі іх не з разлікам, што да нас прыедуць хакеісты-турысты, а малявалі проста ў супрацьвагу хакейнаму дыскамфорту, якім цяпер забітая грамадская і інфармацыйная прастора. Перакармілі людзей хакеем!» – лічыць дырэктар студыі Анатоль Лазар.
Адзін з прынтоў кпіць з сімвала чэмпіянату, гэтага дабрадушнага зубрыка з клюшкай. “Яго быццам для анекдоту прыдумлялі, – каментуе Лазар. – Няўжо ніхто не мог падумаць, што карова на лёдзе (а зубр – гэта і ёсць карова) – прыкмета няўклюднасці, бяздарнасці?”
Цішотка з хакеістам-чужым, паводле дызайнера, нагадвае, што не ўсе адэкватна ўспрымаюць хакейную эйфарыю.
“Увогуле мы думаем, што хакей – гэта такі грамадскі лад, які называецца хакеізмам”, – паказвае Анатоль Лазар наступную цішотку, у якой відавочная алюзія на савецкія лозунгі. – Тут асацыяцыя з татальным заахвочваннем, эйфарыяй, высокімі мэтамі: даб’емся і пераб’емся, дагонім і перагонім!”
Яшчэ адна праца студыі з хакейнай варыяцыяй – прынт “Свабоду хакеістам!”. Прынт быў створаны ў серыі іншых малюнкаў з патрабаваннем свабоды самым розным людзям, жывёлам і з’явам. Сустрэць яго можна ў тым ліку на цэлафанавых пакетах. “Столькі было ўжо анекдотаў, як бабулі на вуліцы абмяркоўвалі, якіх гэта пасадзілі хакеістаў, можа, тых што нячэсна гулялі?” – згадвае Анатоль Лазар.
Студыя “Ліхтар”
Студыя “Ліхтар”, якая аб’ядноўвае трох сяброў, робіць нататнікі, магніты, торбы з мінскімі матывамі, а таксама іншыя дробязі, неабходныя для паўнавартаснасці турыстычнай сталіцы. Паштоўку да чэмпіянату зрабілі па просьбе знаёмых шведаў, якія, рассылаючы прывітанні з Беларусі, не змаглі знайсці прыгожых выяваў. “Мы вырашылі не сцябацца на тэму чэмпіянату, – кажа дызайнерка праекта Кася. – Сцёбу ў нас і так хапае, усё нашае жыццё – гэта сцёб, а не стае проста прыгожых рэчаў”.
Студыя Цэслера
У краме галерэі “Ў” мы адшукалі таксама мужчынскія цішоткі арт-дызайн студыі Уладзіміра Цэслера, зробленыя адмыслова да чэмпіянату. На адной з іх у стылі беларускага арнаменту скрыжавалі клюшкі чырвоныя хакеісты, упрыгожаныя кветачкамі, на другой сустрэліся вышыванкавыя птушкі фенікс. Прынты зробленыя быццам у працяг вядомай цэслераўскай майкі “Dranikland”, на якой таксама абыгрываецца беларускі арнамент.
LSTR Adzieńnie
Цішотка “Далі копаці!” з настальгічнай згадкай пра легендарны хакейны подзвіг даступная для замоваў на сайце беларускаарыентаванага стрытвер-брэнда LSTR Adzieńnie. Праўда, яго заснавальнік Ілля Аксёнаўудакладняе, што цішотку нельга назваць сувеніркай, бо стваралася яна не адмыслова да чэмпіянату, гэта хутчэй супадзенне.
Ён патлумачыў, што прынт зроблены ўвогуле ў гонар нашых спартоўцаў, бо на ідэнтыфікацыю беларусаў нароўні з літаратурай, тэатрам і музыкай уплываюць і спартовыя падзеі. “Той фантастычны гол Копаця, які 12 гадоў таму прапусціў шведскі брамнік Сала, паўплываў на мяне ў юнацтве гэтак жа моцна, як, напрыклад, кнігі Міколы Ермаловіча”, – кажа Ілля Аксёнаў. Ён дадае, што прадукцыя LSTR увогуле наўрад ці трапіцца на вочы турыстам, бо не прадаецца ў буйных крамах. Паводле яго, “хакейную” цішотку “Далі копаці!”, у адрозненне ад гераічнай “Belarus Pride”, набываюць збольшага беларускамоўныя пакупнікі: “То бок людзі правільна разумеюць гэтую ідэю нашага брэнда, ведаючы, што ва ўсім, што мы робім, ёсць іранічны прыжмур”.
“Я люблю хакей, але прыкра, што сёння ён дыскрэдытуецца ідэалогіяй, лядовымі палацамі, а хакейнае свята суправаджаецца арыштамі, – кажа Ілля. – Спорт пры гэтым – частка нашай ідэнтычнасці, і мы памятаем той гол Копаця, перамогі нашых тайбаксёраў, поспех Несцярэнкі ды іншых спартоўцаў, не зважаючы нават на тое, якія погляды яны часам прапагандуюць”.